Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта створаны ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 чэрвеня 1998 г. № 348 для забеспячэння планавай і сістэмнай перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі суддзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі. Інстытут з'яўляецца юрыдычнай асобай і ўваходзіць у структуру адзінага комплексу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
7 верасня 1999 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Інстытута і ў тым жа месяцы быў здзейснены набор першай групы слухачоў павышэння кваліфікацыі.
У лістападзе 2004 г. адкрыўся новы навучальна-гатэльны комплекс Інстытута ў г. Мінску па вул. Савецкай, 14.
У 2006 годзе ў сувязі з пашырэннем сферы дзейнасці Інстытут пачаў перападрыхтоўку слухачоў па спецыяльнасці «Правазнаўства».
У 2013 годзе ў Інстытуце ўкаранёна сістэма менеджменту якасці СТБ ISO 9001.
Цяпер у Інстытуце ажыццяўляецца павышэнне кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў па 22 адукацыйных праграмах, сярод якіх «судовая дзейнасць», «пракурорская дзейнасць», «следчая дзейнасць», «адвакацкая дзейнасць» і інш. У Інстытуце таксама ажыццяўляюцца адукацыйныя праграмы спецыяльнай падрыхтоўкі на пасаду суддзі суда агульнай юрысдыкцыі, перападрыхтоўкі па спецыяльнасці «Правазнаўства», навучальных курсаў па падрыхтоўцы да адвакацкай дзейнасці, у сферы медыяцыі, для падрыхтоўкі да атэстацыйнага іспыту для атрымання пасведчання аб атэстацыі рыэлтара.
Адукацыйны працэс ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь, іншымі дзяржаўнымі органамі, установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі Рэспублікі Беларусь. Вучэбна-метадычны аддзел, кафедры судовай дзейнасці і пракурорскай дзейнасці, навучальныя лабараторыі заканадаўства і інфармацыйных тэхналогій і метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, бібліятэка, увесь персанал Інстытута ўносяць важкі ўклад у падрыхтоўку і павышэнне прафесійнага ўзроўню юрыдычных кадраў, удасканаленне прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.